21 красавіка абыўся круглы стол "Грунтоўная праца вайскоўца - пачатак краязнаўчага даследавання Гарадзеншчыны" ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А. Макаенка. Імпрэза бала прымеркавана да 160-годдзя выдання найкаштоўнейшага даследавання "Материалы для географии и статистики, собранные офицерами Генеральног штаба. [Т.5]. Гродненская губерния", падрыхтаванага падпалкоўнікам Паўлам Восіпавічам Баброўскім. У ей прынялі ўдзел навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы, чытачы бібліятэкі і навучэнцы групы ПЗТ-37 політэхнічнага каледжа. Ніводзін гісторык, краязнавец, даследчык, якім бы аспектам вывучэння гісторыі Гродзеншчыны не займаўся, без гэтага найгрунтоўнейшай працы не абышоўся.Гэта даследаванне - першакрыніца па гісторыі нашага краю. У сваім выступе знакаміты гарадзенскі краязнавец, педагог, акадэмік Міжнароднай акадэміі наасферы Алесь Пятровіч Госцеў глыбока і падрабязна раскрыў змест і сутнасць гэтага даследавання. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры ўсеагульнай і сусветнай гісторыі Алена Іванаўна Мялешка ўсебакова раскрыла шматгранную асобу вайскоўца, вучонага, рэфарматара, педагога Паўла Восіпавіча Баброўскага, расказала аб яго знітаванасці з гродзенскай зямлей. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Наталля Альбертаўна Івашчанка распавяла пра тагачаснае жыцце Гродна, аб клопатах і праблемах, якімі жылі гарадзенцы ў II палове XIX стагоддзя. Бібліятэкары прадставілі выданні пра каштоўную працу і жыццевы і прафесійны шлях яе складальніка Паўла Восіпавіча Баброўскага з фондаў бібліятэкі. Удзельнікі слухалі выступоўцаў з непадробнай цікавасцю, многія занатоўвалі пачутае, задавалі шматлікія пытанні. |